реферат
реферат

Меню

реферат
реферат реферат реферат
реферат

Трансфармацыя інфармацыйнай прасторы Венгры

реферат
p align="left">У апошняе дзесяцігоддзе электронных СМІ імкнуліся прыстасавацца да густаў тэлегледачоў і радыёслухачоў. Сацыяльныя даследаванні венгерскай аўдыторыі ажыццяўляе Цэнтр вывучэння масавых камунікацый, супрацоўнікі якога сумяшчаюць штотыднёвыя «панэльныя» апытванні з фундаментальнымі тэарэтычнымі даследаваннямі. Вынікі даследаванняў і паказчыкі рэйтынгаў папулярнасці не ўтойваюцца сярод кіраўніцтва радыё- і тэлекампаній, як гэта мае месца на Беларусі або ў суседняй Расіі, але аператыўна змяшчаецца на старонках папулярнага штотыднёвага часопіса «Радыё і тэлебачанне».

Дырэктар Цэнтра вывучэння масавых камунікацый Тамаш Сечке досыць вядомы ў краіне чалавек. Штомесяц ён размаўляе ў прамым эфіры з тэлегледачамі ў рамках перадачы «Люстэрка». Як чалавек нераўнадушны да сваёй справы, Тамаш Сечке з году ў год паўтарае ў эфіры, што без аб'ектыўных сацыялагічных замераў немагчыма стварыць аптымальны варыянт тэле- і радыёвяшчання для краіны. А без уплыву СМІ, маўляў, немагчыма пабудаваць дэмакратычнае грамадства.

Перадача «Люстэрка» не першы год ідзе на цэнтральным канале венгерскага тэлебачання. На працэгу гэтага перыяду вядучы «Люстэрка» выхоўвае ў гледача культуру зносін з тэлеканалам, растлумачвае адрозненне тэрмінаў «індэкс папулярнасці» (найбольшая колькасць пастаяннай аўдыторыі, якая глядзіць дадзеную перадачу) ад «індэкса задаволенасці» (задаволенасць зместам і формай перадачы, якая трывала перавышае 50 пунктаў у 100-бальнай сістэме ацэнкі), і г. д. У сваіх размовах з гледачамі Тамаш Сечке заўсёды падкрэсліваў, што аб'ектыўна меркаваць аб якасным узроўні дзейнасці тэлебачання можна толькі на аснове вынікаў так званых «5 люстэрак»:

* сацыялагічных апытванняў;

* аналіза лістоў гледачоў (штогод тэлебачанне атрымлівае каля 40 тыс. лістоў);

* водгукаў гледачоў у прамым эфіры;

* меркаванняў супрацоўнікаў тэлебачання;

* водгукаў у друку прафесійных крытыкаў.

Што тычыцца прафесійнай крытыкі, дык у Венгрыі практычна няма газеты або часопіса, у якіх бы сістэматычна не друкаваліся рэцэнзіі, агляды ці артыкулы пра цякучыя тэлеперадачы. Сталічныя выданні штотыдзень змяшчаюць разгорнутыя агляды тэлеперадач тыдня. У той жа час у рэгіянальных газетах тэлеперадачы не анансуюцца на пачатку тыдня, а рэцэнзуюцца і крытыкуюцца напрыканцы.

Пасля пачатку перыяду трансфармацыі, у 1990-1991 гг., тэлебачаннем сур'ёзна зацікавіліся папулярныя часопісы, бо, як высветлілася, аналіз айчыннай «тэлекухні» прыцягвае дадатковую колькасць чытачоў, што адпаведна адбіваецца на расцэнках для рэкламадаўцаў. Напрыклад, тыднёвік «Фільм», публікацыі якога дагэтуль прысвячаліся пераважна кінематографу, пакідае пад агляд тэлеперадач 4 палосы. З 1992 г. з'явіліся спецыялізаваныя тэарэтычныя выданні, прысвечаныя тэлебачанню. Самы вядомы з іх - штомесячнік «Фільм-культура», які змяшчае аналітычныя артыкулы, прысвечаныя стратэгіям тэлепраграмавання, эстэтычным законам тэлемастацтва, праблемах жанравай разнастайнасці, спецыфіцы тэлерэжысуры і тэледраматургіі. Тэарэтычны ўзровень аналітыкі ў выданнях такога кшталту, па прызнаннях саміх галоўных рэдактараў, не вельмі высокі. Аднак, што вельмі істотна, яны маюць пастаянную аўдыторыю.

Першая праграма венгерскага тэлебачання (яе называюць Цэнтральным каналам) ахоплівае 94 % тэрыторыі краіны і вяшчае з 9.00 да 23.00. Другая праграма (яе называюць Вячэрнім каналам) працуе з 16.00 і ахоплівае 70 % тэрыторыі. Яе перадачы разлічаны на эрудыраваную аўдыторыю і часта прысвячаюцца, напрыклад, сучаснаму мастацтву абсурду ў жывапісе і тэатры, або сярэднявечнаму мастацтву і г.д.

Тэлепраграмісты па меры магчымасці ўлічваюць пажаданні аўдыторыі. Напрыклад, калі на пачатку перыяду трансфармацыі паказ забаўляльных перадач і мастацкіх фільмаў пачынаўся звычайна ў 22 гадзіны, дык цяпер сетка паказу такіх перадач перасунута на 19 гадзін. І ўсё ж па-ранейшаму значныя нараканні сярод гледачоў выклікае немагчымасць дакладнага пераходу з заканчэння адной цікавай перадачы на Цэнтральным канале на пачатак другой цікавай перадачы на Вячэрнім канале.

Вяшчальную сетку фарміруюць выпускі тэленавін. Першы выпуск навін (15 хвіл.) выходзіць на Цэнтральным канале ў 6 гадзін раніцы. У 10 гадзін трансліруецца штодзённая перадача «Сямёрка тыдня» (20 хвіл.), у якой знакамітыя пісьменнікі, акцёры, мастакі абмяркоўваюць з вядучым апошнія палітычныя падзеі. Вячэрні выпуск навін - у 19.30 (30 хвіл.). Другі выпуск вячэрніх навін - у 21.00 (20 хвіл.). Заключны - у 23.00 (20 хвіл.) на заканчэнні тэлепраграм. У нядзелю ў 19.00 трансліруецца перадача «Дэльта» (40 хвіл.), прысвечаная навінам навукі.

Спецыфічным для венгерскіх тэленавін з'яўляецца адсутнасць у кадры дыктараў-жанчын. Жаночы голас можа чытаць тэкст да навін за кадрам, але ў кадры працуюць толькі мужчыны. Дадзеная «дыскрымінацыя» тлумачыцца ўстойлівым стэрэатыпам у грамадскай думцы: месца жанчыны - па-за палітыкай.

Чытанне аператыўных паведамленняў у вячэрніх тэленавінах чаргуецца з дынамічным каментарыем. У кожным выпуску выступаюць адзін каментатар па міжнародных праблемах, адзін - па ўнутрыпалітычных і адзін - па спартыўных. Галоўнае патрабаванне да гэтых вядучых праграмы - добрае веданне прадмета, здольнасць растлумачыць сутнасць з'явы, раскрыць падаплёку падзей.

Стваральнікі выпускаў навін імкнуцца пазбавіцца сухой, афіцыйнай канстатацыі фактаў. Пры асвятленні міжнародных і спартыўных падзей гэта зрабіць не вельмі складана, бо дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачанню можна ўдала праілюстраваць практычна любое з узгаданых здарэнняў. Што тычыца ўнутрыпалітычных навін, дык тут журналісты робяць акцэнт на так званае «актыўнае ўмяшальніцтва ў жыццё» - аператыўныя рэпартажы з прадпрыемстваў і магазінаў, камбінатаў бытавога абслугоўвання і прыпынкаў грамадскага транспарту, лаканічныя інтэрв'ю з прахожымі і наведвальнікамі.

Прыкметным у венгерскіх тэленавінах з'яўляецца і зварот да гледачоў, практычны характар многіх паведамленняў. Напрыклад, напрыканцы стандартных звестак пра змены надвор'я даецца карысная парада: «Неабходна часцей рабіць невялікія перапынкі на працы, каб не пераўзмацніць ціск на сэрца. Трэба шанаваць сваю нервовую сістэму і не крыўдзіць адзін аднаго».

У датрансфармацыйны перыяд тэленавіны трасліраваліся ў чорна-белым варыяце. І перш чым перайсці на каляровы варыянт, кіраўніцтва тэлебачання замовіла даследаванне ў Цэнтра вывучэння масавых камунікацый - як зменіцца характар успрыняцця паведамленняў са з'яўленнем колеру на экране?

У выніку сацыялагічных замераў і псіхалагічных эксперыментаў было ўстаноўлена, што ў чорна-белым варыянце сярэднестатыстычны глядач меў магчымасць дафантазіраваць выяўленне, самастойна «расфарбаваць» яго, а ў каляровым у яго вызвалялася тая доля энергіі, якая марнавалася на «афарбоўку», бо экранныя колеры стваралі больш поўны эквівалент рэальнасці. Вызваленая энергія цяпер ішла на спасціжэнне сэнсу сюжэта - такім чынам, каляровая тэлеінфармацыя засвойвалася хутчэй. Гэты фактар дазволіў сучаснаму тэлебачанню ствараць дадатковую «вагу» на экраннае выяўленне - змяшчаць дыяграмы, мапы, схемы і г. д. Мастакі, якія афармлялі выпускі тэленавін, пачалі паспяхова ўжываць фота- і відэамантаж, у якіх сумяшчалі графіку, слайды, падмалёўку, фотаздымкі, кадры з фільмаў, мультыплікацыю. Таму цяпер пры паведамленні, напрыклад, аб візіце дзяржаўнай дэлегацыі ў Аўстралію ў кадры будзе змешчана мапа кантынента, пункцірам пазначана лінія руху дэлегацыі, а ў правым вуглу - фота кіраўніка дэлегацыі.

Венгрыя была першай сярод былых сацыялістычных краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая ўжыла на тэлебачанні бягучы радок (яго называлі экраннай газетай). Бягучы радок з'яўляецца на экране падчас вячэрняга выпуска навін і змяшчае інфармацыю аб гандлёвых і біржавых навінах, руху транспарту і праграме тэатраў, клубаў і г. д.

З пераходам тэленавін на колер практычна зніклі вусныя паведамленні. Паколькі гледачу не трэба больш «дамалёўваць» колер касцюма дыктара, ён будзе звяртаць увагу на малюнкі і мапы за спінаю дыктара - такім чынам, фон рырпраекцыі цясней злучаецца са зместам паведамлення. У выніку гэтых пераўтварэнняў венгерскія тэленавіны сёння маюць у эфіры больш выяўленчых багаццяў і выглядаюць эфектнейшымі, чым выпускі навін германскіх і брытанскіх каналаў.

Дыскусіі ў друку і прапановы па ўдасканаленні стылю тэленавін толькі пацвярджаюць інтарэс аўдыторыі да гэтай формы тэлепраграмы. Трэба ўлічваць, што венгерскім тэленавінам даводзіцца вытрымліваць нялёгкую канкурэнцыю з амерыканскім каналам навін Сі-Эн-Эн, а таксама нямецкімі і аўстрыйскімі каналамі, якія прымаюцца без спадарожнікавай антэны. Калі параўноўваць з сітуацыяй на Беларусі, дык трэба зазначыць, што замежныя тэлеканалы прэтэндуюць на такое ж месца ў эфірнай прасторы Венгрыі, якое ў нашай маюць каналы НТБ, РТР і ГРТ. Аднак у Венгрыі нямецкая або англійская мовы не з'яўляецца другой дзяржаўнай, і гэта значна ўскладняе ўсталяванне «інфармацыйнага дыктату» замежнымі інвестарамі. І таму сацыялагічныя апытанні нязменна фіксуюць, што 76 % тэлеабанентаў сістэматычна глядзяць венгерскія тэленавіны.

Змест венгерскіх тэленавін таксама вызначаецца сваёй традыцыйнай спецыфікай. На пачатку мая гадавіне перамогі ў другой сусветнай вайне прысвячаюцца сюжэты пра венгерскі Рух Супраціўлення, трансліруюцца інтэрв'ю з удзельнікамі антыхартысцкага і антысалашысцкага падполля. Іншая пастаянная тэма -- укараненне дэмакратычных асноў жыцця. Напрыклад, у штомесячнай тэлерубрыцы «Форум» дзяржаўныя дзеячы ў прамым эфіры адказваюць на тэлефонныя пытанні гледачоў. А ў рубрыцы «Рэфлектар» журналісты высвятляюць, як і куды выдаткоўваюцца дзяржаўныя сродкі, паказваюць тыя аб'екты, на якія былі асігнаваны значныя капіталаўкладанні. Здараецца, падчас тэледаследавання высвятляецца, што выдзеленыя з бюджэту грошы зніклі ў невядомым напрамку, бо аб'екта, пазначанага на паперы, у рэальнасці проста не існуе. Журналісты часта абіраюць тэмамі сваіх рэпартажаў сюжэты, падказаныя звычайнымі гледачамі, якія дазвоньваюцца ў студыю. І часцей за ўсё гэтыя сюжэты аказваюцца прысвечанымі перавышэнню ўлады рэгіянальных чыноўнікаў, парушэнню заканадаўства або марнатраўству дзяржаўных сродкаў. Разам з тым маюць месца ў «Рэфлектары» і сюжэты, прысвечаныя ўкараненню ў вытворчасці найноўшых тэхнічных вынаходак, паляпшэнню ўмоў жыцця і побыту. Шмат увагі надаецца эканамічным навінам. У рубрыцы «Прапануем» змяшчаюцца інфармацыя пра навіны ў айчынных і замежных прамысловасці, інтэрв"ю з эканамістамі, навукоўцамі і дзяржчыноўнікамі.

Звычайна ў сетцы вяшчання з вячэрнімі тэленавінамі суседнічае цыкл перадач «Тлумачым эканамічны механізм», які адбываецца ў жанры мастацкага мультыплікацыйнага фільма. Цыкл удала выкарыстоўвае здабыткі тэлебачання - прынцып шматсерыйнасці, форму сюжэтаскладання, традыцыйнасць персанажаў-масак. Галоўны герой цыкла - стары скептык, які заўсёды ўсім незадаволены, ва ўсім сумняваецца і нікому не верыць. З ім спрачаецца папугай - сапраўдная гаваркая энцыклапедыя. Павучаючы свайго гаспадара, папугай забаўляльна па форме, але ясна і лаканічна па змесце тлумачыць сусветныя законы эканамічнага развіцця. Трэці персанаж - лагодны сабака, які нязменна захапляецца глыбокімі ведамі свайго сябра папугая. Кожная серыя цыкла доўжыцца 10 хвіл. і прысвечана тлумачэнню канкрэтнага аспекта таго ці іншага эканамічнага закона. Такім чынам, размова пра эканоміку ўвасоблена ў лёгкаўспрымальную гульнёвую форму. Як сведчылі сацыялагічныя даследаванні Цэнтра вывучэння масавых камунікацый, на працягу ўсяго перыяду трансфармацыі «Тлумачым эканамічны механізм» значна палегчыў пераход грамадскай свядомасці Венгрыі з планава-цэнтралізаванай у рынкавую эканоміку.

З датрансфармацыйнага перыяду захавалася на тэлебачанні перадача «Сіні колер» (сіні - колер мундзіраў венгерскіх паліцэйскіх). У гэтай прысвечанай паўсядзённай працы праваахоўных органаў перадачы паліцэйскія выступаюць не толькі ў якасці кансультантаў, але і самі рыхтуюць многія сюжэты. І гэта не лічачы вялікі штат рэпарцёраў, якія працуюць на перадачы. Кожны з рэпарцёраў мае сваю сферу даследавання і свой метад супрацоўніцтва з людзьмі. «Сіні колер» аператыўна інфармуе насельніцтва пра ўцёкі або розыск таго ці іншага злачынцы і просіць дапамагчы ў затрымцы. Паказваюцца фотаздымкі злодзеяў, і здараецца, падчас самой перадачы ў студыі паступаюць званкі ад гледачоў, выступаюць ў перадачы і затрыманыя злачынцы - імкнуцца матываваць свае ўчынкі, апраўдацца.

Шырокі сегмент ранішняга тэлевяшчання ў будні - 12 %, адведзены вучэбным, навукова-папулярным і культурна-асветніцкім праграмам. Іх асаблівасць у тым, што, з аднаго боку, яны маюць вузканакіраваную сферу, а з другога - прызначаюцца шырокай аўдыторыі. Школьнае тэлебачанне існуе ў Венгрыі з 1963 г., аднак папулярнасць набыло пасля таго, як да стварэння яго перадач былі прыцягнуты супрацоўнікі аддзела забаўляльна-музычных перадач, якія зрабілі акцэнт на выкарыстанне найноўшых тэхнічных сродкаў і дынамічнага мантажу. У выніку перадачы, прысвечаныя, напрыклад, эстэтыцы сусветнага кіно, сталі глядзець не толькі школьнікі, але і іх бацькі.

Для цыкла перадач па вывучэнні англійскай мовы былі зняты гульнёыя ўрокі, падчас якіх персанажы траплялі ў самыя неверагодныя сітуацыі. Забаўляльны сюжэт канцэнтраваў дзіцячую ўвагу, дапамагаў хутчэй запомніць новыя словы.

Амаль штогод транслюецца створаны ў датрансфармацыйны перыяд вучэбны тэлесерыял «Наша цела: рух, косці і мышцы». Пазнавальны матэрыял у ім тлумачыцца не толькі закадравым тэкстам, прынамсі, з вялікім пачуццём гумару, але і з дапамогай мультыплікацыйных схем і графічных малюнкаў - яны дэманструюць логіку і паслядоўнасць рухаў, а вясёлыя фізічныя практыкаванні саміх дзетак на экране відавочна ілюструюць прынцыпы функцыянавання чалавечага цела.

Страницы: 1, 2, 3


реферат реферат реферат
реферат

НОВОСТИ

реферат
реферат реферат реферат
реферат
Вход
реферат
реферат
© 2000-2013
Рефераты, доклады, курсовые работы, рефераты релиния, рефераты анатомия, рефераты маркетинг, рефераты бесплатно, реферат, рефераты скачать, научные работы, рефераты литература, рефераты кулинария, рефераты медицина, рефераты биология, рефераты социология, большая бибилиотека рефератов, реферат бесплатно, рефераты право, рефераты авиация, рефераты психология, рефераты математика, курсовые работы, реферат, доклады, рефераты, рефераты скачать, рефераты на тему, сочинения, курсовые, рефераты логистика, дипломы, рефераты менеджемент и многое другое.
Все права защищены.