реферат
реферат

Меню

реферат
реферат реферат реферат
реферат

Беларуская журналістыка

реферат
p align="left">Кіраўніцтва «Маладняка» бачыла недахопы і памылкі сваёй арганізацыі, імкнулася лакалізаваць іх і накіраваць літаратурную энергію маладых на глыбокае адлюстраванне жыцця і творчых сакрэтаў. У 1926 г. нават быў падрыхтаваны зварот «Ад Усебеларускага аб'яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк», у якім на падставе аналізу дзейнасці пісьменніцкай арганізацыі адзначалася «нядбаласць у мастацкай апрацоўцы твораў, тэматычная беднасць, слабасць сюжэтаў, канструкцыі, абсалютная пераважнасць лірыкі перад эпасам і драмай, пагоня за эфектным і экстравагантным, адмаўленне на словах ад фармальнай спадчыны класічнай літаратуры і інш» (1926, № 9). Гэта была прынцыповая і ў многім справядлівая ацэнка дзейнасці «Маладняка». Аднак яна была зроблена пад уплывам рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18 чэрвеня 1925 г. «Аб праблемах мастацкай літаратуры», а значыць, адпавядала «партыйным патрабаванням». Маладая аргнаізацыя і яе члены толькі вучыліся, ці толькі пачыналі вучыцца, і патрабаваць ад іх «эпічных твораў і драмы» было заўчасна.

З гадамі арганізацыя і часопіс «Маладняк» набіраліся вопыту, сталелі грамадска-палітычна і прафесійна. У першым нумары за 1930 г. рэдкалегія часопіса адзначала, што ў краіне ідзе карэнная перабудова народнай гаспадаркі і аднаўленне нацыянальнай культуры. Другі год пяцігодкі ставіць перад рэдакцыяй складаныя задачы выхавання марксісцка-ленінскай свядомасці, умацавання сувязей з чытачамі, выступлення супраць нацыяналізму, імкнення даць такія высокамаштабныя творы, якія будуць дапамагаць працоўным у будаўніцтве сацыялізму. Былі пашыраны аддзелы часопіса: проза і паэзія, крытыка, кнігу - масам, публіцыстыка, хроніка, бібліяграфія, кіно, гумар і г.д. Зразумела, што аддзелы часопіса прываблівалі матэрыяламі, якія там друкаваліся. Аўтарамі «Маладняка» выступалі П. Галавач, У. Гурскі, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Чарот, А. Александровіч, Ц. Гартны, ужо тады вядомыя літаратары, пагэтаму часопіс быў цікавы для чытачоў.

Акрамя таго, у «Маладняку» друкаваліся вострыя і спрэчныя артыкулы, якія таксама прыцягвалі ўвагу. Напрыклад,рэцэнзія А. Кучара «Пра адну рэакцыйную аповесць». Лявон Бушмар» К. Чорнага. Аўтар артыкула сцвярджаў: «Лявон Бушмар не толькі не з'яўляецца пралетарскім творам, а выражае погляды процілеглыя пралетарскаму разуменню той рэчаіснасці, якую яна падае і аб'ектыўна служыць на руку класаваму ворагу... Гэта мае глыбокія карэнні ў самой творчасці К. Чорнага...»(1931, № 1).

Такія артыкулы атрымліваліся іншы раз у «братоў па пяру». У той час яны часта былі падставай для арышту і пакарання аж да расстрэлу. Так, у «класавай варожасці» абвінавацілі Кузьму Чорнага, аднаго з найбольш таленавітых пісьменнікаў, удумлівага філосафа і тонкага знаўцу сялянскага жыцця.

У 1928 г. «Маладняк» быў рэарганізаваны ў Беларускую арганізацыю пралетарскіх пісьменнікаў, а часопіс «Маладняк», як яе орган, выходзіў да 1932 г.

Унутраныя супярэчнасці ў «Маладняку», як вядома, прыводзілі да выхаду з яго асобных празаікаў і паэтаў. Да заканчэння 1926 г. перасталі лічыць сябе маладнякоўцамі К. Крапіва, П. Глебка, К. Чорны, М. Лужанін, Я. Пушча і інш., якія заявілі аб стварэнні новай пісьменніцкай арганізацыі «Узвышша».

У статуце арганізацыі было запісана, што «беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» мае на мэце развіццё беларускай літаратуры на падставе прынцыпаў, якія вызначаны ў рэзалюцыі ЦК КП(б)Б ад 1 ліпеня 1925 г. «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры». «Патрэбна такое мастацтва, якое б замяніла сабой рэлігію і якое б арганізавала рытм жыцця на сацыялістычных пачатках. Гэта мастацтва павінна быць работніцкім і сялянскім па матэрыялу, культурным па спосабу апрацоўкі і класава-пралетарскім па ідэйнасці. Яго «форма» нацыянальная, «змест» - пралетарскі», - гаварылася ў праграме аб'яднання .

Узвышанцы лічылі, што погляды маладнякоўцаў і «адраджаністаў» (пісьменнікаў старэйшага пакалення) не адпавядалі такім эстэтычным прынцыпам і не маглі выканаць задач пралетарскага мастацтва. Статут быў надрукаваны ў рэспубліканскай прэсе і ў першым нумары часопіса «Узвышша», які пачаў выходзіць у сакавіку 1927 г. як орган аднаіменнай арганізацыі.

З'яўленне новай пісьменніцкай арганізацыі і літаратурнага выдання можна лічыць далейшым пошукам мастацкага ўвасаблення беларускіх творчых сіл. У асноўным узвышанцы будавалі сваю платформу на крытыцы пазіцый «Маладняка» і спрабавалі сфармуляваць сваю тэорыю «узвышанага мастацтва», што адмяжоўвала іх ад усяго літаратурнага працэсу. Гэту пазіцыю крытыкаваў К. Крапіва: «... атмасфера ва «Узвышшы» не спрыяла творчаму росту. Даваў сябе адчуваць налёт фальшывага акадэмізму, што мне асабліва не спадабалася, адарванасць ад масавага культурнага руху, ад надзённых задач сацыялістычнага будаўніцтва» («Звязда», 1933, 20 снежня).

Аднак гэта ў меншай меры адносіцца да дзейнасці часопіса «Узвышша», дзе друкаваліся творы ўжо вядомых у той час К. Крапівы, К. Чорнага, У. Дубоўкі, У. Жылкі і іншых пісьменнікаў, што, несумненна, стала важнай вехай развіцця беларускай літаратуры.

Патрэбна заўважыць, што «авангардысцкая» філасофія ўзвышанцаў даволі слаба праяўлялася ў змесце часопіса. Тым больш, што ва ўсіх рэспубліканскіх літаратурных часопісах можна было чытаць творы адных і тых жа пісьменнікаў. Напрыклад, К. Чорны, З. Бядуля, Я. Купала, У. Дубоўка і інш. друкаваліся ў «Маладняку», «Полымі», а таксама і ва «Узвышшы». К. Чорны з № 2 «Узвышша» за 1927 г. пачаў друкаваць там свой раман «Сястра». Можна сказаць, што аб'яднанне і часопіс «Узвышша», якія спынілі сваю дзейнасць у 1931 г., былі яшчэ адным крокам насустрач чытачу беларускай літаратуры і наблізілі пісьменнікаў рэспублікі да стварэння адзінай арганізацыі - Саюза пісьменнікаў БССР.

Працэс збірання літаратурных сіл прадоўжыла аб'яднанне «Пробліск» - пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка, створаная ў ліпені 1927 г. Сярод яе заснавальнікаў былі А. Гурло, А. Звонак, М. Хведаровіч. Аднак шырокай дзейнасці новае аб'яднанне разгарнуць не змагло і далучылася да «Маладняка»(Звязда, 1928, 29 студзеня).

У верасні 1927 г. была арганізавана «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (адным з заснавальнікаў быў Я. Скрыган). У наступным годзе камуна была распушчана і члены арганізацыі зноў-такі ўвайшлі ў склад «Маладняка».

Для паўнаты карціны літаратурных пошукаў на Беларусі патрэбна дадаць, што ў той час было створана яўрэйскае пісьменніцкае аб'яднанне «Дэр Юнгер арбэтэр» («Малады рабочы»), якое арганізавала свае групы ў Вілейцы, Полацку, Магілёве, Мазыры, Гомелі, Оршы. Яўрэйскія празаікі і паэты групаваліся вакол літаратурна-мастацкага, палітычна-навуковага часопіса «Штэрн» («Зорка») - органа Саюза пісьменнікаў БССР, які друкаваўся з 1921 па 1941 гг., а таксама змяшчалі свае творы ў мясцовых яўрэйскіх газетах.

Арганізавалася і дзейнічала таксама невялікая групоўка рускіх пісьменнікаў «Звенья», якая друкавалася ў асноўным у «Звяздзе» і мела свае аб'яднанні ў Віцебску і Бабруйску.

Такое становішча ў пісьменніцкіх шэрагах не задавальняла літаратараў. Пошукі мастацкага «крэда» драбнілі сілы, перашкаджалі вучобе маладых, аслаблялі эстэтычныя і ідэйныя пазіцыі літаратуры ўвогуле, асобных пісьменнікаў і паэтаў. Акрамя таго, авангардысцкія ўхілы членаў маладнякоўскай арганізацыі «засмечвалі» літаратурнае асяроддзе, імкнуліся ўзвысіцца над рэчаіснасцю, а частка зусім адрывалася ад яе, не прыслухоўваючыся да класічных матываў у паэзіі і прозе. ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі таксама неаднаразова звярталі ўвагу на становішча ў пісьменніцкім асяроддзі і патрабавалі больш мэтанакіраванай працы па адлюстраванню сацыялістычнай рэчаіснасці.

Нарэшце, у снежні 1927 г. было аб'яўлена аб стварэнні літаратурнага аб'яднання «Полымя», у арганізацыйную групу якога ўваходзілі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Чарот, А. Александровіч і інш. Гэта было найбольш прадстаўнічае аб'яднанне літаратараў і па свайму складу, і па абвешчанай праграме. У статуце літаратурнага аб'яднання ставілася задача развіцця творчай працы ў непарыўнай сувязі з сацыялістычным будаўніцтвам; умацавання ў беларускай літаратуры пралетарскай ідэалогіі ў арганічным адзінстве з нацыянальнай формай; усталявання супрацоўніцтва з усімі суполкамі, калі гэта не пярэчыць прынцыпам аб'яднання, і абвяшчэння барацьбы са шкоднымі ўхіламі на шляху развіцця беларускай пралетарскай літаратуры. Асноўным друкаваным органам новага аб'яднання быў часопіс «Полымя», які ў 1932 г. стаў выходзіць пад назвай «Полымя рэвалюцыі».

У той жа час патрэбна падкрэсліць, што кожная літаратурная групоўка выпускала свае часопісы, зборнікі, ажыццяўляла асветную працу сярод моладзі ў школах, прцоўных калектывах. Гэта мела вялікую грамадскую каштоўнасць: з насельніцтвам рэспублікі творчая моладзь вяла высокаінтэлектуальны дыялог на роднай мове.

Прадоўжыла справу згуртавання творчых сіл газета «Літаратура і мастацтва» - орган федэрацыі аб'яднанняў савецкіх пісьменнікаў і Галоўмастацтва БССР, першы нумар якой выйшаў 26 лютага 1932 г. Гэта важная з'ява ў грамадскім жыцці рэспублікі. Факт выдання газеты сведчыў аб высокім узроўні развіцця беларускай культуры: літаратуры, тэатра, выяўленчага мастацтва і г.д. Паліграфічная культура друку адбілася і на выглядзе новай газеты. Яна выйшла фарматам А-2 на 4 палосах, звярстана па тагачасных правілах газетнага дызайну, змяшчала ў кожным нумары малюнкі і фотаздымкі.

Галоўнае, у газеты быў цікавы змест. Рэдакцыя, у якую ўваходзілі А. Александровіч, В. Вольскі, І. Гурскі, М. Лынькоў, К. Чорны і інш., у той час ўжо вядомыя пісьменнікі, вопытныя публіцысты і рэдактары, сфармулявала свае задачы ў перадавым артыкуле. У ім гаварылася, што па ўсёй краіне разгарнулася сацыялістычнае будаўніцтва, пачынаецца новы яго этап - другая пяцігодка. У гэтым працэсе вельмі значную ролю адыгрывае савецкае мастацтва, на якое грамадства ўскладвае асаблівую місію: вобразнымі сродкамі паказаць героіку стваральнай працы ўдзельнікаў працэсаў індустрыялізацыі і калектывізацыі.

Газета лічыла, што пісьменнікі павінны сваю творчасць будаваць на фактах і з'явах сацыялістычнай рэчаіснасці. На актыве Мінскай арганізацыі пісьменнікаў М. Лынькоў у сваім дакладзе абгрунтоўваў наступныя тэзісы: ваяўнічай партыйнасці пралетарскай літаратуры; як не трэба пісаць пра камсамол. У другім нумары змешчаны артыкул з характэрным загалоўкам: «Задачы фронту літаратуры і мастацтва ў веснавой пасяўной кампаніі»(1934, 1 сакавіка). Такім чынам, выданне набліжала творчы працэс, мастакоў да сацыялістычнай рэчаіснасці, да стварэння твораў «пралетарскай літаратуры».

У газеце шмат месца адводзілася аналізу літаратурнага жыцця, крытычным артыкулам аб творчасці асобных пісьменнікаў, разгляду новых твораў. Такім чынам развівалася крытыка і самакрытыка. Гэта ўжо быў пачатак 30-х гадоў і наступаў час рэпрэсій. Танальнасць крытыкі іншы раз была залішне эмацыянальная, ужо прадчуваліся ноткі абвінавачанняў у журналісцкім стылі.

Аднак «ЛІМ» друкаваў дыскусійныя матэрыялы, у якіх аналізаваліся розныя бакі мастацкай творчасці. Напрыклад, пад шапкай «На сходзе бальшавіцкай самакрытыкі разгорнем творчую дыскусію» былі змешчаны артыкулы П. Галавача «Слова ў творчай дыскусіі» і К. Чорнага «Рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства» (1934, 1 сакавіка). Падобныя матэрыялы газета друкавала пастаянна. Такім чынам, са з'яўленнем «ЛІМа» асвятленне працэсу развіцця культуры набыло сістэмнасць і паслядоўнасць.

У першы час выхаду газеты перад рэдакцыяй была пастаўлена яшчэ адна важная задача - падрыхтаваць і правесці І з'езд пісьменнікаў Беларусі, які і адбыўся ў чэрвені 1934 г.

Літаратурная беларускай перыёдыка 20 - 30-х гадоў - гэта культурная з'ява нацыянальнага значэння. Можа быць, самая галоўная каштоўнасць яе ў тым, што тады быў закладзены моцны падмурак самасвядомасці беларускага народа.

Важнейшыя праблемы нацыянальнага адраджэння: беларуская мова, адукацыя, усе праявы культуры даходзілі да насельніцтва праз мастацкае слова. Гэта літаратурнае слова вельмі хутка замацавалася ў высокамастацкіх вобразах лепшых твораў вядомых і прызнаных беларускіх пісьменнікаў.

Разам з імі вырасла новае пакаленне мастакоў, якое магло б і не нарадзіцца ў іншых умовах. Толькі спрыяльныя абставіны вольнай народнай творчасці вылучылі са сваёй глыбіні маладнякоўскія таленты, што з'яўляецца бясспрэчным фактам рэвалюцыйнага развіцця нашай нацыянальнай культуры.

Літаратурныя газеты і часопісы ў той час былі галоўнай масавай кнігай адлюстравання вобразаў савецкай рэчаіснасці.

Узнікненне і развіццё друку моладзі Беларусі. «Красная смена» («Чырвоная змена»), «Юный пахарь» («Малады араты»)

Сістэмнасць у арганізацыі маладзёжнага друку наступіла пасля таго, як актывізавалася праца па стварэнню камсамольскіх арганізацый. У Беларусі гэты пачатак ідзе ад першага абласнога з'езда РКСМ Заходняй камуны 25 снежня 1918 г. у Смаленску. Тады было вырашана стварыць часопіс «Факел коммунизма», які выйшаў у Вільні толькі 2 сакавіка 1919 г. як орган ЦК камсамола Літвы і Беларусі. Нумар быў прысвечаны памяці К. Лібкнехта і Р. Люксембург і змяшчаў матэрыялы аб удзеле моладзі ў грамадзянскай вайне. У звароце рэдакцыі да чытачоў гаварылася: «У эпоху міжнароднай рэвалюцыі, у эпоху страшэннай барацьбы рабочага класа са сваімі прыгнятальнікамі мы выпускаем свой часопіс. Няхай наш орган пакажа юным пралетарыям шлях прадаўжэння барацьбы за канчатковае вызваленне. Наперад, таварышы, да сацыялізму!».

«Факел коммунизма» - гэта асобная веха ў маладзёжным руху. Фактычна ўпершыню ў гісторыі быў створаны часопіс для шырокіх мас працоўнай моладзі Літвы і Беларусі. Часопіс узнік у час барацьбы з белапалякамі, і тэматыка яго была амаль поўнасцю ваеннай: ён заклікаў моладзь да абароны заваёў рэвалюцыі. Калі варожыя войскі падышлі да Вільні, 50% ад усёй колькасці камсамольцаў пайшлі на фронт.

Страницы: 1, 2, 3, 4


реферат реферат реферат
реферат

НОВОСТИ

реферат
реферат реферат реферат
реферат
Вход
реферат
реферат
© 2000-2013
Рефераты, доклады, курсовые работы, рефераты релиния, рефераты анатомия, рефераты маркетинг, рефераты бесплатно, реферат, рефераты скачать, научные работы, рефераты литература, рефераты кулинария, рефераты медицина, рефераты биология, рефераты социология, большая бибилиотека рефератов, реферат бесплатно, рефераты право, рефераты авиация, рефераты психология, рефераты математика, курсовые работы, реферат, доклады, рефераты, рефераты скачать, рефераты на тему, сочинения, курсовые, рефераты логистика, дипломы, рефераты менеджемент и многое другое.
Все права защищены.